Старонка:Апошні з магікан.pdf/125

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

самае горшае, і вырашыўшы ў крайнім выпадку паспрабаваць прапанаваць грошы, ён перамог пачуццё агіднасці да Магуа і звярнуўся да свайго ранейшага правадніка:

— Я хацеў-бы пагаварыць з Магуа аб тым, аб чым можа слухаць толькі вялікі правадыр.

Індзеец пагардліва зірнуў на маладога афіцэра і адказаў:

— Кажы, дрэвы не маюць вушэй.

— Але гуроны не глухія, а тыя словы, якія прыгодныя для вялікіх правадыроў, могуць ап’яніць маладых воінаў. Калі Магуа не хоча слухаць, афіцэр караля можа маўчаць.

Індзеец нядбайна кінуў некалькі слоў сваім таварышам, якія сяк-так сядлалі коней для маладых дзяўчат; потым Лісіца адышоў убок і асцярожным рухам паклікаў за сабой Дункана.

— Цяпер кажы, — сказаў ён, — калі твае словы прыгодны для Магуа.

— Хітрая Лісіца даказаў, што ён варты ганаровага імя, якое яму далі яго канадскія бацькі, — пачаў Хейвард. — Я бачу ўсю яго мудрасць, разумею, як многа ён для нас зрабіў, і не забудуся на гэта ў часе падзякі. Так, Лісіца — не толькі вялікі правадыр у свеце; ён умее ашукваць сваіх ворагаў.

— Што-ж зрабіў Лісіца? — холадна запытаў індзеец.

— Хіба ён не бачыў, што лес перапоўнены схаванымі ворагамі? Хіба ён не заўважыў, што нават змяя не магла-б непрыкметна прапаўзці міма іх? Хіба ён не заблудзіўся наўмысна, каб асля-