Старонка:Апошні з магікан.pdf/124

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

месц, каб дапусціць якую-небудзь значную хібнасць. Калі лоцман, які быў выбраны кіраваць чаўном, заняў сваё месца, індзейцы зноў кінуліся ў раку, човен панёсся па цячэнню і праз некалькі секунд палоннікі апынуліся на паўднёвым беразе ракі, амаль супроць таго каменя, на які яны высадзіліся напярэдадні.

Тут дзікуны зноў сур’ёзна, але нядоўга радзіліся паміж сабой. У той-жа час яны прывялі з лесу коней, якіх іхныя ўладальнікі лічылі прычынай свайго няшчасця. Цяпер натоўп гуронаў раздзяліўся. Галоўны правадыр сеў на каня Хейварда і рушыў цераз раку, а ўслед за ім кінулася ў ваду і большасць яго спадарожнікаў; хутка ўсе яны зніклі ў лесе. Палоннікі асталіся пад наглядам шасці дзікуноў, якімі кіраваў Хітрая Лісіца.

Бачачы надзвычайную стрыманасць індзейцаў, Хейвард спадзяваўся, што яны адвядуць яго да Манкальма як свайго палонніка. Мозг людзей, трапіўшых у бяду, заўсёды напружана працуе, а надзея, хоць-бы і самая нязначная, садзейнічае ўяўленню, таму Дункану ўжо здавалася, што Манкальм пастараецца ператварыць бацькаўскія пачуцці Мунро ў сродак, пры дапамозе якога ён паспрабуе прымусіць ветэрана забыцца пра сваю вернасць англійскаму каралю.

Але паводзіны гуронаў адразу разбурылі ўсе гэтыя меркаванні Дункана. Тая частка індзейцаў, якая рушыла ўслед за чырвонаскурым волатам, накіравалася да Гарыкана, і Хейвард зразумеў, што яго самога і яго спадарожнікаў чакае страшны палон у дзікуноў. Жадаючы ведаць усё, нават