Старонка:Апошні з магікан.pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

нібы для каўчэга, і накіроўвалі іх на востраў Ямайку; там гэтых чацвераногіх прадавалі або выменьвалі. Але такога каня мне ніколі не даводзілася бачыць. Як гэта сказана ў бібліі? «Ён нецярпліва рые капытамі зямлю даліны і радуецца сваёй сіле; ён нясецца насустрач людзям. Сярод трубных гукаў ён ускліквае: ха, ха! Ён здалёк чуе бой і вайсковы кліч». Гэта — даўняя кроў, ці не праўда, прыяцель?

Не атрымаўшы адказу на свае словы, дзівак падняў вочы і зірнуў на таго, да каго ён звяртаўся. Ён са здзіўленнем спыніў свой позірк на нерухомай, прамой і стройнай фігуры індзейца-скарахода, які прынёс у лагер невясёлыя весткі.

Хоць індзеец стаяў нібы каменны і, здавалася, не звяртаў ніякай увагі на шум і ажыўленне, што панавалі вакол яго, твар яго меў суровы выгляд. Індзеец быў узброены тамагаўкам і нажом, а між тым быў не падобны на запраўскага воіна. На суровым твары дзікуна ваенная афарбоўка расплылася, і гэта надавала яго цёмнаму абліччу дзікі і грозны выгляд. Вочы індзейца гарэлі, нібы яркія зоркі паміж хмарамі. Толькі на адзін момант пільны, пануры позірк скарахода злавіў здзіўлены выраз вачэй назіральніка і зараз-жа павярнуўся ў другі бок, кудысьці далёка-далёка ў паветра.

Між тым група служак заварушылася; пачуліся ціхія гукі далікатных галасоў. Чалавек, што захапляўся канём афіцэра, раптам падышоў да свайго ўласнага нізкарослага, худога каня з падвязаным хвастом, які скуб сухую траву; адным локцем ён абапёрся на шарсцяную коўдру, што замяняла яму