Старонка:Апошні з магікан.pdf/114

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

спачатку яны былі чуваць у яго аддаленым канцы, потым пачалі набліжацца да пячоры.

Нарэшце, сярод мітусні і шуму пранёсся радасны, пераможны кліч на адлегласці некалькіх ярдаў ад замаскіраванага ўваходу ў пячору. Хейвард вырашыў, што іхнае сховішча знойдзена, і рэштка надзеі пагасла ў яго душы. Але ён зноў крыху супакоіўся, пачуўшы, што крыкі чуваць каля каменя, на які Сакалінае Вока з такім жалем паклаў сваю стрэльбу. Маёр ясна чуў словы індзейцаў; ён чуў не толькі асобныя словы, але і цэлыя сказы на канадскай мове. Раптам хор галасоў паўтарыў словы «Доўгі Карабін», і ў суседнім лесе пачулася імя, якое, як Хейвард памятаў, было дадзена ворагамі паляўнічаму і разведчыку англійскай арміі; толькі цяпер Дункан зразумеў, хто быў яго спадарожнікам.

— Доўгі Карабін, Доўгі Карабін, — крычалі адзін за адным гуроны, і вось уся зграя, як відаць, сабралася каля ваеннага трафея, які нібы даказваў смерць яго страшнага ўладальніка. Пасля гэтага гуроны зноў разышліся па востраву, выкрыкваючы імя ворага.

— Цяпер, — шапнуў Хейвард маладым дзяўчатам, — усё хутка вырашыцца. Калі гуроны не знойдуць нашага прытулку, мы ўцалеем. Ва ўсякім выпадку, мяркуючы па словах, якія мне ўдалося зразумець, нашы сябры выраваталіся, і хутка мы можам чакаць дапамогі ад Вэба.

Прайшло некалькі хвілін страшнай цішыні. Хейвард разумеў, што ў гэты час гуроны робяць новыя, больш старанныя пошукі. Ён чуў крокі гу-