Старонка:Апошні з магікан.pdf/109

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ваўся, чакаючы якіх-небудзь сігналаў або гукаў трывогі, па якіх ён мог-бы даведацца, ці ўдалося ім уцячы. Але дарэмна ён напружваў сваю ўвагу; нішто не гаварыла пра лёс гэтых адважных людзей. Ворагаў таксама не было відаць. Здавалася, усё жывое зноў пакінула лясістыя берагі ракі. Ястраб-рыбалоў, які назіраў за боем здалёк, седзячы на верхніх сучках сухой хвоі, цяпер зляцеў з свайго высокага месца для сядзення і, апісваючы шырокія кругі, лунаў над здабычай. Сойка, крыклівы голас якой быў заглушаны дзікім выццём індзейцаў, зноў поўніла паветра бязладнымі крыкамі, нібы лічачы, што да яе вярнулася ўлада над лясной глушшу. Гэтыя гукі закінулі ў душу Дункана слабую іскру надзеі.

— Гуронаў не відаць, — сказаў ён Давіду, які ўсё яшчэ не зусім ачуняў ад удару, ашаламіўшага яго, — схаваемся ў пячору — у астатнім аддадзім сябе на волю лёсу.

— Памятаю, што я разам з двума прыгожымі дзяўчатамі пасылаў усявышняму славаслоўі і падзякі, — у поўпрытомным стане сказаў Давід, — але я атрымаў суровую, праўда, справядлівую кару за мае грахі. Я нібы заснуў, але гэта быў не сапраўдны сон; рэзкія, бязладныя гукі бою раздзіралі мой слух; гэта быў хаос; здавалася, надышоў канец свету, і прырода забылася пра гармонію.

— Небарака! Вы сапраўды былі на валасок ад смерці. Але ўстаньце, ідзіце за мной; я завяду вас у такое месца, дзе вы не пачуеце іншых гукаў, апрача вашых псалмаспеваў.