Старонка:Апошні з магікан.pdf/105

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

выразнасцю, якая ўласціва толькі голасу індзейцаў. Потым, засунуўшы за пояс свой нож і тамагаук, воін павольна падышоў да краю каменя, найменш прыкметнага з берагоў ракі. Тут ён пастаяў кароткі момант, шматзначна паказаў на лес, прамовіў некалькі слоў на сваёй мове, нібы вызначаючы намечаны ім шлях, апусціўся ў ваду, нырнуў і знік з вачэй назіральнікаў.

Разведчык адстаў ад свайго таварыша, каб сказаць некалькі слоў Коры, якая лягчэй уздыхнула, убачыўшы, як падзейнічалі яе словы.

— Іншы раз у юнай душы выяўляецца такая-ж мудрасць, як і ў старой, — сказаў ён. — Калі вас адвядуць у лясы, гэта значыць тых з вас, якім часова пакінуць жыццё, заломвайце па дарозе галінкі кустоў і дрэў і старайцеся ісці так, каб быў відзён шырокі след; тады, паверце, у вас знойдзецца друг, які не пакіне вас, хоць-бы яму давялося ісці за вамі на край свету.

Ён ласкава паціснуў руку Коры, падняў сваю стрэльбу, тужліва паглядзеў на яе, зноў асцярожна паклаў свой «аленебой» на камень, нарэшце, спусціўся да таго месца ракі, дзе знік Чынгачгук. Ён на момант павіс на камені, заклапочана азірнуўся і са смуткам прамовіў:

— Калі-б у мяне быў порах, не было-б такога няшчасця і сораму. — Нарэшце, расчапіў рукі і апынуўся ў вадзе; струмені сышліся над яго галавой, і ён знік.

Цяпер вочы астатніх накіраваліся на Ункаса, які нерухома стаяў, прыпёршыся да кручы. Кора сказала яму: