Майго я сына чую крык! Бяжэце, слугі,
Хутчэй, бліжэй, і, камень адваліўшы
Ад падзямельля, у пячору паглядзеце,—
Ці Гэмона то крык, ці то багоў мана?“
Зрабілі мы, як загадаў ўладар,—
Ён быў у роспачы. Убачылі мы там
Абодвух іх ў канцы пячоры. На пятле,
З адзеньня зробленай, накінутай на шыю,
Яна павесілася, ля яе-ж ляжаў[1],
Трымаючы яе ў сваіх абоймах, Гэмон.
І плакаў ён аб гібелі свае нявесты,
І аб прысудзе бацькі, і гаротным шлюбе.
Убачыўшы яго, Крэонт з жалосным крыкам
І стогнам кінуўся наперад да яго
І клікаў так: „Няшчасны! Што зрабіў ты?
Што ты хацеў зрабіць? Як розум страціў ты?
Выходзь, дзіця, багамі заклінаю, выйдзі!“
Зірнуўшы на Крэонта дзікімі вачыма,
З пагардаю на твары, без адказу
Ён выцягнуў двувойстры меч на бацьку, але
Ня ўдарыў ён яго, бо кінуўся на ўцёкі той.
Тады зьвярнуў няшчасны гнеў свой на сябе
І кінуўся на войстры меч грудзямі.
Але пакуль прытомнасьці ня страціў,
Ён слабаю рукой дзяўчыну абыймаў.
Ён цяжка дыхаў, і крывавы струмень
На шчокі бледныя дзяўчыны ліўся.
І труп ляжыць ля трупу. Так, няшчасны,
Зрабіў сваё вясельле ён ў Гадэса хаце.
Ён паказаў усім, што нерассуднасьць
Прыносіць найвялікшую бяду.
(Эўрыдыка моўчкі адыходзіць у палац)
- ↑ Відавочна, Гэмон ужо зьняў мёртвую Антыгону і палажыў яе на зямлю, але ня зьняў пятлю з яе шыі.