Старонка:Антыгона (Сафокл) пер. з старагрэч. мовы Ю.М. Дрэйзіна.pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

ДЗЕЯ 2-я

ЗЬЯВА 1-я

(Уваходзяць вартаўнік і Антыгона)

Корыфэй

Цуд які перад мной! Я ня ўцямлю яго.
Антыгону я бачу вачыма сваймі.
Ці магу я сказаць, што яна—не яна?
Ох, бяздольная ты!
І Эдыпа бяздольніка ты дзіцянё!
Няўжо-ж захацела загадам цара
Не паддацца? Няўжо ў самы раз, калі ты
Неразумную справу рабіла сваю,
Тут схапілі цябе і сюды прывялі?

Вартаўнік

Так, вось яна, якая справу ту зрабіла.
Яе схапілі мы на месцы. Дзе-ж Крэонт?

(Уваходзіць Крэонт)

Корыфэй

Вось ён у час з палацу йдзе якраз.

Крэонт

Што, што такое? Да чаго у час прышоў я?