Старонка:Андрэй Мрый.pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка не была вычытаная


196). Ад таго часу ўспамінаньне Мрыевых «Запісак Самсона Самасуя» ў ліку выклінаных «варожых», «буржуазных» ці «нацыянал-дэмакратычных твораў беларускай літаратуры» стала.я абавязкавым для савецкае крытыкі.

Пэўна-ж, савецкая крытыка, як звычайна, тутака валіла віну із хворае галавы на здаровую і да яе й тут як нельга лепш прысталі-б трапныя словы другога, таксама ўзвышэнскага, сатырыка: «Калі самі няпрыгожы — ня вінуйце апарат». Мрыеў-жа «апарат» толькі добра-мастацка здымаў-фіксаваў тую жывую запраўднасьць, якая сама ўжо была «шаржаваная» ня пісьменьнікам, а ейнымі бальшавіцкімі ператваральнікамі-«будаўнічымі», што й «згушчвалі хварбы» ў ёй ды «перакрыўлялі», «перастаўлялі дагары нагамі» ўсе звычайныя, нармальныя жыцьцёвыя й людзкія дачыненьні. Таму й выйшаў з Мрыевага «апарату» такі забіючы абраз савецкае сыстэмы й ейных гэрояў-«будаўнічых».

Адылі, мастацкая сіла Мрыя, як пісьменьніка, уздыймае ягоны твор вышэй за звычайны, хай сабе й мастацка- дасканальны, абраз свайго часу й быту. Адзначаная ўжо намі сіла мастацкае тыпізацыі ў творы як у псыхалёгічнай, гэтак і ў стылістынвай роўніцы робіць зь яго й ягоных гэрояў-тыпаў нашых нацыянальных адменьнікаў-прадстаўнікоў да тае мастацкае галерэі твораў і вобразаў, што прадстаўленая ў сусьветнай літаратуры цэлым сьцягам агульнаведамых рэчаў таго-ж роду й тыпу, ад «Запісак Піквіцкага Клюбу» вялікага Ангельца Чарльса Дыкенса да «Прыгодаў добрага ваяка Швэйка» Чэха Яраслава Гашэка. У гэтым — яшчэ большая й найбольшая, хіба, ды неперахаджалая вартасьць Мрыевых «Запісак Самсона Самасуя» ды зарука іхнае прыйдучае папулярнасьці ня толькі ў нашым чытацкім грамадзянстве. Балазе, бальшавіцкі цэнзурны гвалт, хоць і «зьліквідаваў» твор на ягоным кульмінацыйным пункце, пакінуў зь яго яшчэ даволі, каб забясьпечыць яму паўнакроўнае яшчэ жыцыцё ў чытацтве, якое й аднаўляецца цяпер пры перавыданьні апублікаваных частак твору.

Р. Склют