Старонка:Андрэй Мрый.pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка была вычытаная


5 «савецкіх людзёў», што так ці інакш прыходзілі ў сутычнасьць з гэроем «Запісак», траплялі ў поле ягонага зроку ды пад ягонае пяро. У стварэньні гэтых вобразаў пісьменьнік выявіў, можна сказаць, бадай нябывалую датуль (дый пасьля) ў нашай літаратуры сілу мастацкае тыпізацыі як псыхалягічнай, гэтак і ў стылістычнай роўніцы. Сыстэма гэтых Мрыевых вобразаў-тыпаў адлюстроўвала сабою вельмі зырка й праўдзіва ўсю савецкую сыстэму ўва ўсей ейнай запраўднай, рэальнай натуры й нагаце. Уся г. зв. «савецкая грамадзкасьць» і бальшавіцкая крытыка былі проста ткі як па галаве стукнутыя Мрыевым творам ды, відавочна, адразу не маглі здаўмецца, як рэагаваць на яго — высокая праўдзівасьць была бясспрэчнай, але тым-жа самым часам і выразна антысавецкай.. Першай агоўталася цэнзура, забараніўшы працяг друкаваньня аповесьці, і адно тады ўжо загаманіла й крытыка. Тагачасная апора й агентура бальшавікоў у нашай літаратуры — г. зв. БелАПП (г. зн. «Беларуская Асацыяцыя Пралетарскіх Пісьменьнікаў») у васобе аднаго зь перадавых сваіх крытыкаў, Міколы Аляхновіча, першая й прызнала, што Мрыевы «Запіскі Самсона Самасуя» — гэта «злосны пашквіль на нашу савецкую рэчаіснасьць. Паказваюічы жыцьцё беларускае вёскі, жыцьцё мястэчка, аўтар усіх пэрсанажаў твору ад кіруючай партыйяй верхавіны да звычайных сялян малюе нейкімі недацёпамі, нейкімі дурнямі. Ніводнага мамэнту будаўніцтва новага жыцьця на вёсцы ці ў савецкім мястэчку мы ў гэтым творы ня бачым. Аўтар ня толькі сабраў цёмныя паасобныя мамэнты, што маюць месца ў нашым жыцьці, але ён так згусьціў хварбы, што перад намі ўстае перакрыўленае жыцьцё, пастаўленае дагары нагамі». I белапаўскі крытык выносіць дыскваліфікацыйны прысуд Мрыю, як савецкаму пісьменьніку, адначасна асуджаючы й захоўваньне савецкае крытыкі, што сваячасова ня выявіла належнае «пільнасьці»: «Шаржаваны паказ працы савецкага апарату, усяго нашага жыцьця робіць гэты твор ня толькі нясумяшчальным з ганаровай назвай савецкага пісьменьніка, але зьяўляецца яскравым прыкладам таго, як да апошняга часу нашая крытыка зьвяртала мала ўвагі на шкодныя зьявы ў нашай літаратуры (гл. М. Аляхновіч — «На аванпостах пралетарскае літаратуры» — часапіс «Маладняк», № 6-7 за 1930 г., бал. 195-