Старонка:Андрэй Мрый.pdf/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

інструктара Цэнтральнага Бюро Краязнаўства пры Беларускай Акадэміі Навукаў у Менску, а незадоўга да свае «ліквідацыі» працаваў ужо ў Слоўнікавай Камісіі самое Акадэміі Навукаў.

У часапісе «Ўзвышша» ў 1929 г. і пачалі друкавацца «Запіскі Самсона Самасуя», што канчальна прынесьлі пісьменьніку літаратурнае імя: «першы скрутак» гэтых запісак быў выдрукаваны ў № № 3 і 4 часапісу за той год, «другі скрутак» — у № 6; адылі, «трэйці скрутак» ужо ня быў прапушчаны бальшавіцкаю цэнзураю; напалоханы гэтым аўтар зьнішчыў усе рукапісы гэтага «скрутку» і зусім адыйшоў ад літаратуры, замоўк. Адылі дармо: хоць і зь некаторым спазьненьнем бальшавікі «зьліквідавалі» нарэшце пісьменьніка зь Беларусі ў 1933 годзе. Пра далейшую ягоную долю нічога ня ведама.

Мрыева аповесьць напісаная ў літаратурнай форме «запісак» нейкага савецкага «нізавога актывістага» Самсона Самасуя. Актывістых гэткіх тымі часамі афіцыйная савецкая тэрміналёгія звала расейскім, бальшавікамі-ж створаным словам «выдвиженцы», якое пабеларуску афіцыйна-ж перакладалася як «вылучэнцы», а неафіцыйна, гіранічна, ды больш дакладна — як «высуванцы» (паколькі расейскаму «выдвинуть» дакладна адпавядае нашае «высунуць»). Мрыяў гэрой належыць да тае адменнасьці «выдвиженцев», што «выдвигались» — «вылучаліся» ці «высоўваліся» самыя, не чакаючы, пакуль іх «выдвинет» — «вылучыць» ці «высуне» хто- небудзь зьверху, а таму й зваліся ў грамадзтве «самовыдвиженцами», а ў нас—«самавысуванцамі» —зусім блізка да гэроевага прозьвішча Самасуй, узятага аўтарам із жывое народнае мовы, якая гэткім словам яшчэ задоўга да бальшавікоў абазначала чалавека, што ўсюды «сам сунецца», імкнучыся «высунуцца». Гэткім і выступае ў сваіх «Запісках» Мрыеў Самсон Самасуй. Дармо, што поўпісьменны, ён борзда й добра засвойвае ўсю бальшавіцкую «ідэялёгію», «мараль» і тактыку ды, тэрарызуючы імі ўсіх па дарозе, нахрапна й пераможна «прасоўваецца» із самых нізоў на самыя вярхі савецкае іерархіі (не прапушчаны цэнзураю «трэйці скрутак» твору й паказваў Самасуя на гэных вярхох).

Вобраз Самсона Самасуя бліскуча ўдаўся Мрыю, як і вобразы іншых актывістых, функцыянераў ды проста