Старонка:Андрэй Мрый.pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

маё сэрца, як заварушыўся мой мазгавы апарат!

Яна! Яна! А зь ёю Лін!

Яшчэ больш прыціснуўся я да сьцяны, урос у яе. Два чорных цені прайшлі за нардом і спыніліся.

Лін, як жаба пяшчотная, вёў сваю лінію:

— Крэйна, каб ты ведала маю горкую долю, ты ніколі не сьмяялася-б зь мяне... Як убачыў я цябе, на ўсё забыўся! Ты прыгажэй за сонца (Сабачае мяса! — сказаў я сам сабе), мацней за магнэс! Калі гляджу я ў твае вочы, я забываюся на прафсаюз (Сьвіньнячае вуха! Сёньня-ж гаварыў: мы, шапялёўскі пралетарыят, павінны паказаць профдысцыпліну!), на абавязкі і бачу толькі цябе, Крэйна! Ты стаіш днём і ноччу перад вачыма...

Крэйна яшчэ раз дзынкнула сьмехам.

— Глупства! — сказала яна яму, а ў мяне на сэрцы лёгка, лёгка зрабілася. — Гэта вар’яцтва! Ці ня сорамна табе дзяўчыну спакушаць? У цябе-ж, паважаны таварыш, жонка, трое з паловай дзяцей!

— Ты сьмяешся, а я не магу жыць безь цябе!.. Хочаш, Крэйна, кіну жонку, буду жыць з табой!

— Я зусім ня думаю аб гэтым. Ніколі гэтага ня будзе! — ціха сказала яна.

— А памятаеш Лютнянскае поле? Памятеш, сосны ў лесе шумелі, і мы з табой... Няўжо ня зьвернецца той час? Скажы, Крэйна!

— Мала што было! — ізь сьмехам адказала яна і зрабіла некалькі крокаў да нардому.

Лін схапіў яе за рукі, прыціснуў да грудзей і з запалам, якога не чакаў я, узмацніў сваё наступленьне:

— Крэйна, пашкадуй мяне! Ты мне патрэбна, як паветра, як жыцьцё. Я звар’яцею, калі ты ня будзеш кахаць мяне... Слухай! Ня хочаш запісацца, будзем жыць так...

— О, гэта вельмі проста... Ты думаеш, я гэтага баюся?

— Слухай, Крэйна! Цяпер маёй жонкі няма. Паехала да маткі. Кінем усё тут, пойдзем да мяне — пагаворым. Ніхто ня ўбача... Я адзін на ўвесь дом...

Лін задыхаўся.

— Дзе ты цяпер жывеш? — запытала раўнадушна Крэйна, а ў мяне, як полымем, грудзі абсмаліла. Гэта было