Старонка:Андрэй Мрый.pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У прэзыдыюм вызначылі 7 асоб: Крэйна высунула і маю кандыдатуру. Я зрабіў ёй пагрозу пальцам, але з прыемнасьцю пашоў і сеў. У прэзыдыюм абралі яшчэ жанчыну доктара, але яна адгаварвалася.

У мяне на мястэчку цяжкія нарадзіны, і кажную хвіліну мяне могуць паклікаць.

— Тады і пойдзеце! — не згаджаўся сакратар райкому.

— Не, не і не! — змагалася доктарша. — Я лепш тут каля дзьвярэй сяду.

А сама акушэрцы ціха гаварыла, і я чуў гэта:

— Нялоўка мне, немаладой ужо, ісьці туды, ды сядзець куклай, глядзець на ўсіх.

Якая несьвядомасьць! — падумаў я. Калі мы ўсе селі за стол, дык не адразу змаглі вызначыць сакратара. Пры гэтым лавы не адпавядалі сваёй мэце: над сталом было добра відаць толькі нашы ілбы, а рот, нос і ўсё іншае было схавана ад вока прысутных. Хацелі мяне вызначыць за сакратара, але я прасіў устрымацца. Калі ўсё больш-менш супакоілася, і слова далі дакладчыку, я сеў збоку стала і пачаў асьцярожна глядзець на Крэйну. Побач зь ёю сядзеў бухгальтар РВК тав. Лін. Яго я прыкмеціў у райвыканкоме. У гэты дзень ён вельмі часта прыбягаў да Крэйны, нешта ціха гаварыў ёй, паказваў нейкія паперы, чытаў нейкія рэзалюцыі, тэзісы, мітусіўся, як уліцкаваны растратчык.

Лін быў досыць уважысты чалавек, у маіх гадох, бялявы, з доўгімі, пухнатымі як вафлі, вусамі, блакітна-шэрымі мяккімі, з масьлянай вільгацьцю вачыма і ружовым, як у сьвіньнёнка, тварам. Зірнуўшы на яго, адразу можна было канстатаваць, што гэты індывід мае значныя дасягненьні ў галіне сыстэматычнага паляваньня за ідэйяа трухлявымі, але чароўнымі мяшчаначкамі.

Мяне моцна разанула па сэрцы, калі я пераканаўся, што Лін (і прозьвішча як у сук улеплена!) зусім ня слухае дакладу, а шчыльна, як вуж, абкруціўся каля Крэйны і мілосна нешта напявае ёй. О, кваліфікаваная падла! Як я хацеў-бы ў той час ціхенька падабрацца да яго шапкай нявідкай і вострай іголкай калянуць яму язык ці стабілізаваны зад.

Пасьля дакладу былі запытаньні. У прэзідыюм было