Старонка:Андрэй Мрый.pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка не была вычытаная


дзяўчаты ўзялі Шкуліка на рэмус, ірвалі яго за вушы, зь нябывалай актыўнасьцю чапляліся ў яго валосьсе, зь нячуваным зьдзекам адносіліся да яго ружовага твару. У гэтую юнацкую булку яны ўпіваліся, як у памідор.

Але і Шкулік лоўка калатушыў супраціўніц, хапаючы іх за рукі, бязьлітасна шчыплючы, дзе прыдзецца.

Такім чынам, штурхаючыся, рагочучы, ойкаючы і вясёла стогнучы, дайшлі мы да выканкому.

Мая пазыцыя была досыць нявытрыманая. Мне хацелася схапіць гэтага кудлатага хлапчука і расьцягнуць як мыш якую, але прысутнасьць Крэйны стрымлівала мяне. Яна мне была міла, ня гледзячы на тое, што прыймала ўдзел у бясчынствах на вуліцы і дыскрэдытавала савецкага працаўніка.

Добра яшчэ, што на вуліцах пыл вялікі быў, і ніхто ня бачыў нашых учынкаў. На ганку РВК Шкулік спыніўся. Крэйна запытала:

— А хто яшчэ запісаўся?

— Будзе невялікая кампанія, але цёплая. Самыя цікавыя для цябе, Крэйна, людзі...

— Хто-ж гэта?

— У першую чаргу я...

— Ты? Ты заўсёды прылепішся. Безь цябе ніяк нельга.

Шкулік прычыніў адно вока, другім зірнуў на Крэйну, потым на Зою і, як чалавек барахольнага маштабу, шальмоўна падміргнуў. Яны абедзьве засьмяяліся.

Я хацеў пайсьці ў канцылярыю — гэты шылахвост Шкулік выклікаў у мяне паступова ўзрастаючае абурэньне.

Крэйна спыніла мяне:

— А вы будзеце на маёўцы?

— Калі вы будзеце, дык і я.

— Мы з Зояй будзем.

— Добра! Можаце і мяне кааптаваць у склад цёплай кампаніі! — сказаў я Шкуліку. Ён запісаў мяне, узяў грошы і потым пералічыў удзельнікаў:

— Будуць: Торба, Мамон, Гарачы, Юзька Гыля, Сьмятана-Бурчайла з жонкай, Сьвердзялюк, Хвэя бяз жонкі, Самчык, настаўніца Крутарожкава, настаўніца Зязюлька, тэлефаністка Горбік...