Старонка:Андрэй Мрый.pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка была вычытаная


на гарадзкі манер валасы, нос зь невялікім горбікам і зграбная постаць з прыгожымі курганчыкамі грудзей — усё гэта адразу асьвяжыла маю кроў, надало мне бадзёрасьці, якую я страціў быў у мінулую мокрую ноч.

А вакол гудзеў народ, шчырчэлі пёркі скрыбаў, з шолахам пераварачваліся аркушы паперы, рыпалі дзьверы шафаў, із стогнам перакладваліся зь месца на месца вялізныя, тоўстыя кнігі зь лічбамі сялянскага жыцьця.

Я спыніўся на хвіліну і моўчкі завастрыў сваю ўвагу на дзяўчыне. Яна павярнула сваю галаву ў мой бок і зірнула на мяне. Хацела зноў узяцца за справу, але я ўпарта глядзеў на яе і хацеў накіраваць яе думку на сябе. Я выцягнуўся і стаяў перад дзяўчынай высокі, уважысты, зь сьвежым мужным (праўда карпаносым) тварам чалавек. Я наўмысьне разглядаў яе, як цікавую, але непатрэбную ў нашым будаўніцтве рэч.

У першы момант дзяўчына нібы засаромілася, лёгкі налёт чырвані прабег па яе абліччы, але потым яна, відаць, урэгулявала сваю кроў. Дзяўчына сьмела і нават з пагардай пачала глядзець на мяне.

Некалькі хвілін цягнулася наша вочнае спаборніцтва. І вядома, перамога была на маім баку. Дзяўчына адвяла ў бок свае прыгожыя вочы, і яе пальчыкі няўпэўнена пачалі скакаць па машынцы, а грудзі парыўна заварушыліся пад тонкай кофтай.

Мве хацелася пагаварыць зь ёю.

Я пашоў да яе.

— Пакажэце мне сакратара РВК!

— Ён у габінэце старшыні.

— Старшыні яшчэ няма? Ня ведаеце?

— Ня бачыла. Здаецца яшчэ ня прыехаў.

Я прайшоў у габінэт, адчуваючы, што ў сьпіну мне глядзелі яе вочы. Адзначыўшы гэтыя станоўчыя вынікі маёй кароткай размовы зь дзяўчынай, я ішоў у габінэт шырокімі, упэўненымі крокамі і нават сымуляваў некаторую распусную развальцу ў хадзе, чаго звычайна ў мяне ня прыкмячалася.

Дзяўчына памылілася. Старшыня тав. Сом ужо вярнуўся з раёну і сядзеў у габінэце. Я назваў сябе.