Старонка:Андрэй Мрый.pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

шышку. Цалуючы старэйшую сястру Ганульку, я сказаў:

— Замуж не сьпяшайся, асабліва за Яўмена. Я табе знайду добрую пару!

Гануля троху адукаваная, тры зімы хадзіла ў школу. Як прыбярэцца калі, дык вельмі падобна да інтэлігенткі, хоць бацька і дражніць яе ў гэты час «чыпірадлай». Я не разумею, які сэнс бацька ўкладае ў гэта слова, але Ганулька вельмі ня любіць гэтага слова.

Матка троху сьлёзак ськінула і зноў наказала мне, каб быў асьцярожным і трымаўся за пасаду.

Пад акампанімэнт матчыных знаёмых мне сьпеваў узьлез я на воз. З правага боку да мяне падсеў бацька, і нашы калёсы выкаціліся з двара.

Праз хвіліну мы ўжо трухам ехалі па шляху на Шапялёўку.

II. НА НОВЫМ МЕСЦЫ

Кабылка наша, хоць і была задаволена на ўсе 100%, але вельмі слаба пасоўвалася ўперад. I маці мая, такім чынам, памылілася. Мы нанач ня прыехалі ў Шапялёўку. Мала гэтага. Усю ноч ішоў моцны дождж. Мы ехалі вярстоў з 20 лесам, і некуды было схавацца ад залевы. Ніякае дрэва не магло быць хаўрусьнікам у нашым змаганьні зь нябесным самагонным апаратам, бо ўвесь лес яшчэ толькі пачынаў абрастаць лісьцем, і яно не ратавала нас.

Прыехалі мы на месца, як пачало разьвідняць. Былі мы мокрыя. Раньне выдалася прыгожае, сьветлае, бліскучае. Усе мае рэчы прамоклі дашчэнту і ад гэтай незадачы настрой мой і тэмпэратура цела значна зьнізіліся.

Усё раньне сушыўся я, ськінуўшы зь сябе ўсю вопратку і застаўшыся, у чым маці нарадзіла. Я зрабіў прапанову, каб і бацька на гэткі манер прасушыўся, але ён зарагатаў.

— Ня хочу сядзець голым апосталам, як ты! I так падсохне, ды яшчэ хутчэй, як у цябе!

Сон ня йшоў да мяне, і я голы шпацыраваў па пакою. Бацька глядзеў на мяне ды ўсьміхаўся ў сваю сівую бараду. Што да маіх рэчаў, ці «прычындалаў», як кажа бацька, дык аб іх я падумаў у першую чаргу і зрабіў такія практычныя мерапрыёмствы. Я вынес іх на заежджы