Старонка:Андрэй Мрый.pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

паедзеш, а нанач там будзеш. А цяпер лешп сабраў-бы ўсё сваё да кучы. Я табе памагу.

Я паслухаў маткі і пачаў упакоўваць свой гардэроб. За 15 гадоў бадзяньня па сьвеце шмат чаго сабралася ў мяне.

Дзьве хутры, адна лісіная, другая ваўчыная, дзьве бэкэшы, шынэлька вельмі пралетарскага крою, прастрэленая ў некалькіх мясцох; пахаджэньне гэтых дзірак я добра ведаў і ўсім гаварыў, што кулі белагвардзейскай сволачы прастрэлілі яе на Дзінікіным фроньце. Было яшчэ паліто даімпэрыялістычнай эпохі, зусім куртатае і цеснае для маёй асобы. Іншы раз я апранаўся ў яго і, як заўважыла мне тэлефаністка адна, паліто сьмешна выпучвала мае заднія формы. Шмат было ў мяне і нагавіц: галіфэ розных колераў і фасонаў, райтузы, клёшы, спрынджыкі (апошні крык амэрыканскай моды), шаравары і нават беларускія споднікі зь «сеслам» для эфэктных выступленьняў у спэктаклях.

Увесь мой гардэроб і апісаць нельга. Бацька называў усе мае рэчы «прычындаламі» і часта гаварыў маёй матцы:

— Тысячы паўтары можна было-б скалаціць за гэта прычындальле! Але што ты зробіш сыну, калі ён носіцца з цацкамі ды хварэе на пана? А можна было-б паправіць гаспадарку!

Уся вопратка ляжала ў кучы і была перасыпана нафталінам. Матка, парадкуючы яе, увесь час чмыхала, круціла носам і бубніла:

— Каб табе праваліцца, нячыстая сіла! Ня звыкнуся з гэтым смуродам! I выдумаюць-жа людзі!

Я сачыў за кажным рухам маткі і даваў інструкцыі. Матка адгаварвала:

— На што ты забіраеш усе рэчы?

— Я там асяду. Апошні раз цягнуся з дому. Можа ажанюся там, маці!

— Няхай-жа Бог пасылае, сынок!

Матка зірнула на мяне, статнага, бялявага зь вельмі пухнатымі вусамі і дужа кірпатым тварам мужчыну, і мімаволі з вачэй яе сыпнулі сьлёзы.

«Прычындалы» былі ўпакаваны. Я зірнуў у вакно. Бацька ўсё сядзеў на калодзе.