Старонка:Андрэй Мрый.pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

маюць значэньне, якое выходзіць за межы маёй асобы.

Гэта мне паддае жару, і ў поўнай сьвядомасьці і цьвёрдай памяці я пачынаю свае запіскі.

I. АД РОДНАЙ ХАТЫ

— Ты-ж глядзі, мой сынок! — гаварыла мне маці, калі я пасьля доўгага беспрацоўя атрымаў пасаду ў Шапялёўскім выканкоме.

— Ты ўжо не хлапчук. Час падумаць на сябе ды аб нас старых... Жаніцца-б табе, ды супакойна гадаваць дзетак. I я з радасьцю пачукала-б тваіх дзетак! Глядзі-ж, сынок, хоць цяперака трымайся, каб зноў не ўкарацілі!

На гэтае матчына выступленьне я самаўпэўнена адказаў:

— Я ведаю, маці, як сябе трымаць! Ці я людзей ня бачыў? Ці мне гэта ў першы раз?

Маці сумна памахала галавою:

— Заўсёды, сынок, так кажаш, а як дадуць справу, дык фартэль і выкінеш! Ой, баюся я за цябе! Па бацькавай вудалі пашоў.

Мой бацька, раўнадушна зірнуўшы на матку, пыхкаючы люлькай, у нос прамармытаў:

Па маёй вудалі? Каб па маёй, дык сядзіеў-бы на зямлі. А то сьвет аб’езьдзіў, усе гарады абнюхаў, ды нідзе прыстану не знайшоў. Казаў і кажу: лепш кінуў-бы вандраваць ды ўзяўся-б за зямлю.

Я выйшаў на сярэдзіну хаты, растапырыў ногі, як крынджалы, задраў нос уверх і, прыплюснуўшы правае вока, тэатральна запытаў у бацькі:

— Як-жа? Буду калупацца ў пясочку вашым? Няхай троху пачакае! Якое тут жыцьцё? Бачыўшы цывілізацыю, які разумны чалавек пачне рабіць гэта калупайства ваша? Краты вы, а ня людзі! Які сэнс у вашай крацінай працы?

Не адзін раз бацька слухаў мае разважаньні аб адсутнасьці матар’яльнай базы ў яго вытворчасьці і, трэба сказаць, слухаў іх з вужацкім спакоем, а цяпер раптам закрычаў на мяне высокім голасам:

— Ах каб ты выпруціўся, чортаў сын, вучоная раськірэка! Дык я крот? I матка краціха? Рыемся ў зямлі і