Люба. Калі вы, дзядзенька, заўсёды гэтакі заняты, ўсё нешта пішаце ды пішаце, а мне сумна сядзець увесь час у хаце, вось я, каб вам не перашкаджаць, узяла ды пайшла адна.
Пупкін. А, Любачка, я рабіў вельмі важную работу, але ўжо, дзякуй Богу, кончыў. Я пісаў сваю біяграфію, яна будзе друкавацца ў газэтах, гэта патрэбна дзеля папулярнасьці, бо я, дзетанька, выставіў сваю кандыдатуру…
Люба. Што, дзядзенька, выставіў?
Пупкін. Кандыдатуру. Гэта так называецца… I я ў скорым часе буду міністрам.
Люба (зьдзіўленая). Міністрам?!
Пупкін. Ну, чаго-ж дзівуешся, цыпачка? Але! беларускім міністрам. Гэта лёгка… А я маю галаву, я маю міністраву галаву!
Люба. А я ніколі ня думала, што вы, дзядзенька, гэтакі… важны. Як вы першы раз прыехалі да нас на вёску і зайшлі да мае цёткі, дык я падумала, выбачайце, што гэта прыехаў сьвінабой, бо ў нас казалі, што прыедзе падрадчык сьвіньні купляць.
Пупкін. Ну, я магу і гэта… Але цяпер я буду міністар. міністар фінансаў.
Люба. Ах, Божа мой! Гэта мусіць страшэнна трудна?
Пупкін. Не, нічога… я патраплю. Твой дзядзенька, Любачка, не такія штукі ўжо рабіў!
Любачка. Дзядзенька! А вось я вас яшчэ адно хацела спытацца: як я зьбіралася з вамі ехаць, цёця казала мне, што вы наш сваяк. Ці вы блізкая наша радня? бо я гэтага ня ведаю.