Зьява 2
ПУПКІН і ЛЮБА (ўваходзіць).
Пупкін (убачыўшы Любачку, пляснуў рукамі). Ах, Любачка! што ты нарабіла?!
Люба (зьдзіўленая). Што, дзядзенька?
Пупкін. Як ты важылася адна выйсьці на вуліцу! Ты-ж магла заблудзіцца, або які благі чалавек мог цябе скрыўдзіць!
Люба. Я-ж, дзядзенька, ўжо не маленькая, каб мяне мог нехта скрыўдзіць, а заблудзіцца я не баюся: хаця я горад яшчэ мала ведаю, але язык, як кажуць, да Кіева давядзе.
Пупкін. Ах, дзетанька! Як ты мяне напалохала, пайшла адна! без мяне! Ты ня ведаеш, якая гэта страшная рэч — горад! якія тут злыя людзі!
Люба. Не, няпраўда, дзядзенька! Злых я не спаткала ніводнага, а вось добрага чалавека дык спаткала: падыйшоў да мяне адзін якійсь на вуліцы, праводзіў мяне ажно да самага дому і праз усю дарогу мы так міла гутарылі!
Пупкін (пляснуўшы рукамі). Ах, што ты кажаш, Любачка! О, Божа мой! незнаёмы мужчына праводзіў цябе дамоў?!
Люба. Ен вельмі сымпатычны, дзядзенька, і наш сусед; жыве тут у гэтым самым доме.
Пупкін. О, не, не, не кажы!.. Ты ня ведаеш, што ты зрабіла, Любачка! ў якой ты была небясьпецы! О, Божа мой! Але каб больш ніколі гэтага ня было! Ня сьмей ніколі адна йсьці на вуліцу, але толькі разам са мной.