АКТ I.
Зьява 1.
ПУПКІН (адзін).
Пупкін (сядзіць ля пісьменнага стала). „Еще одно послѣднее сказанье і лѣтопись окончена моя“. I я магу аб сабе сказаць таксама: Яшчэ ўсяго вось колькі радкоў і праца скончана мая… (піша) „I праз усё сваё жыцьцё я быў беларусам і добрым праваслаўным хрысьціянінам“… (гавора). Ну, цяпер толькі расьпісацца… (піша). „Філімон Пупкін…“ (расчырківаецца, пасьля прыглядаецца і гавора). А, чорт! хвосьцік пад прозьвішчам ня ўдаўся — ну, ўсё роўна, — гэта прыдзецца яшчэ перапісаць, пералажыць на беларускую мову… Гэта ўсё зробіць вельмі добра мой прыяцель Арцімон Кукіш; ён зараз ужо павінен прыйсьці, бо я яго да сябе клікаў. (Глядзіць на свой рукапіс і любуецца). „І праз усё сваё жыцьцё я быў беларусам і добрым праваслаўным“… (чуваць званок за ўхаднымі дзьвярыма). А! гэта мусіць Кукіш! (кліча): Марта! Марта! адчыні!.. Куды-ж гэтая баба падзелася?.. Марта!.. Э, пайду сам адчыню. (Ідзе адчыніць дзьверы).