Зьява 8.
ПУПКІН і МАРТА.
Марта (ўваходзіць з кухні). Стары бясстыднік!
Пупкін. Што? Га? Хто? каго?… А!.. я вось бачу, Марта, што ўсюды завялося павучыньне, на дзьвярох павучыньне, — ўсюды!.. Ты, Марта, зусім ні аб чым ня дбаеш.
Марта. Дзьверы я ўчора сьціркай працірала. На вачох хіба ў цябе павучыньне.
Пупкін (грозна). Марта! Ты йзноў!?
Марта. Ну, добра!.. буду ўжо казаць „пан“. Бачыш, якой фанабэрыі набраўся!
Пупкін. Марта! зразумей-жа ты ў канцы канцоў, што гэтак ня можа быць далей. Ты, чорт ведае, як са мной гаворыш, бяз ніякае пашаны! Я буду міністрам, тут будуць бываць розныя важныя фігуры, а ты ўсё: „Філімон ды Філімон, ты ды ты“!.. Дык ведай-жа, што, калі я цябе дагэтуль яшчэ не прагнаў, дык толькі з літасьці, бо мог-бы іншую кухарку знайсьці, каб хацеў.
Марта. Што?! з літасьці? Вось як! (Іронічна). Дык, значыцца, як першы раз тады ўночы ў кухню прыйшоў, дык можа таксама з літасьці?.. А што пасьля было?.. „Мартачка ды Мартачка!“ — гэта таксама з літасьці?.. А калі прысягаў, што ажэнішся — гэта таксама з літасьці?.. (праз сьлёзы). О, бедная я, нешчасьлівая!.. (выцірае нос фартухом).
Пупкін. Ціха! ня пішчы! Не магу я жаніцца, бо даў сабе слова, што буду цяпер жыць, як манах.