Кукіш (разварочвае газэту, паказвае від, што чытае, але як Пупкін адчыніў шафу, зірнуў у той бок і пабачыў там колькі бутэлек і шмат закусак). Аднэй мала.
Пупкін (наліваючы з бутэлькі ў адну чарку) А там на стале ляжыць другая газэта, ты перагледзь яе.
Кукіш. Я кажу: аднэй чаркі мала.
Пупкін. Ня гневайся, браток! Чым хата багата, тым рада. Ледзь-ледзь адну нацадзіў. (Падае яму чарку гарэлкі і кусок хлеба).
Кукіш. Закускі трэба.
Пупкін. Вось, каб ты ведаў, якая бяда; нічога ў хаце няма, толькі хлеба сухога кусок. Ты-ж ведаеш, што я, як сьвяты, хлеб і вада, вада і хлеб… Бо цела, каток, трэба марыць, сушыць, каб дух, як тая кветка, расьцьвітаў, гэтак пышна расьцьвітаў!..
Кукіш. Кілбасу я ў шафе бачыў.
Пупкін. Няўжо-ж? Ня можа быць! (ідзе да шафы і ізноў яё адчыняе). А, далібог! Ляжыць! А я яе й ня бачыў. Скуль яна тутака, не разумею. (Нясе кілбасу на стол). Але я табе, каток, ня раю шмат есьці, бо пасьля мяса ўсё гэтакія грэшныя мысьлі ў галаву лезуць, аж тфу!
Кукіш (закусваючы). Не зашкодзіць.
Пупкін. А я, вось раз у жыцьці бачыў гэткае здарэньне: зьеў чалавек кілбасы і памёр.
Кукіш. Каб нічога ня еў, хутчэй-бы памёр.