Старонка:Аляхновіч Пан Міністар.pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ад калыскі да сёньняшняга дня. Трэба толькі, ведаеш, каточак, пералажыць яе на беларускую мову і надрукаваць у вашай газэце. Ты, Арцімончык, маеш знаёмствы, дык ты мне паможаш у гэтым. Я табе за гэта нічога не пашкадую, апошнім куском хлеба падзялюся, сэрца сваё разрэжу напалавіну і палавінку табе аддам, толькі памажы, Арцімончык!

Кукіш (спакойны чалавек з чырвоным носам; гавора манатонна бяз ніякае інтонацыі). Пад сэрцам нешта смокча…

Пупкін. Пад сэрцам?… А сэрца рэч важная! А для сэрца самае важнае — супакой. Вось я заўсёды спакойны, ніколі ня злуюся, здароў, сэрца, як камень. Калі крычыць нехта на мяне, лаецца, я маўчу, сьмяюся толькі ў душы і думаю: ага, браток! у цябе цяпер сэрца гэтак сільна б’ецца: цік-цік, цік-цік, а ў мяне нічога… спакойна, роўна… Вось гэтак трэба заўсёды, Арцімончык!

Кукіш (спакойна, без інтонацыі). Пад сэрцам чарвяк смокча!..

Пупкін. А! чарвяк смокча!… Ах, ты забаўнік гэтакі!… Хочаш выпіць?

Кукіш. In vino veritas.

Пупкін. А ты ўсё загранічныя словы, сьмешны ты чалавек! Ну, што-ж зрабіць! нічога не парадзіш, для гэтакага друга нічога не пашкадую, навет крыві ўласнай. Пайду, пашукаю ў шафе, можа дзе й знайду адну чарачку. Вось маеш газэціну, пачытай, пакуль-што, тут цікаўна. (Дае Кукішу газэту, а сам ідзе да шафы і неспакойна аглядаецца на Кукіша, ці той ня сочыць за ім).