Люба. Ну, дык я пайду цяпер у свой пакой, распрануся.
Пупкін. Распраніся, дзетанька, і прыходзь сюды, пагутарыш з дзядзенькай, дзядзенька твой бедненькі, ніхто яго ня любіць, ніхто не цалуе…
Люба. Добра, дзядзенька, я зараз… (выйшла ў свой пакой).
Зьява 4
ПУПКІН і МАРТА.
Пупкін (да Марты). Заусёды ўлезеш ня ў пору. Хоць-бы ў дзьверы пастукала.
Марта. Калісь ня трэба было ані ў дзьверы стукацца, ані рахункаў здаваць, пакуль ня было гэтай… пляменьніцы! (іронічна). Гм! Добрая пляменьніца! (дразьніць яго). „Пацалуй дзядзеньку! пацалуй, ціпачка!“ фу!!
Пупкін. Ды што ты сабе думаеш! Гэта-ж… як той… таго… гэта родная сястра маей сястры… Ды не… што я кажу!.. гэта родная дачка маей сястры…
Марта. Але! Махлюй, махлюй, Філімон! Я не такая дурная! Я ведаю, чым гэта пахнець.
Пупкін. Ты як гэта са мной гаворыш! Колькі я ўжо разоў казаў, каб ты не казала мне „ты“. Ты ведаеш, хто я такі? ты ведаеш, з кім гаворыш? Я хутка ўжо буду міністрам! Разумееш?
Марта. А калісь было ня тое! (Паўтараючы яго даўнішнія словы). „Ты, Мартачка такая, ты, Мартачка, гэтакая, то, Мартачка, тое то, Мартачка, сёе, я з табой, Мартачка, жаніцца