Старонка:Алексютовіч Светапогляд Скарыны.pdf/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

з'явы прыроды, пранікнуць у сутнасць самога чалавека, растлумачыць адносіны паміж чалавекам і прыродай. Яго веды ў галіне медыцыны і батанікі, якім ён надаваў вялікае значэнне, трэба разглядаць не як пустое жаданне кабінетнага вучонага, а як імкненне чалавека, што паставіў сабе задачу спасцігнуць ісціну, звяртаючыся непасрэдна да прыродазнаўчых навук, да эксперымента, да самой прыроды. Відаць, тут адбіўся ўплыў такіх аўтарытэтаў медыцыны, як Гален і Авіцэна, якія сцвярджалі, што адзінай крыніцай ведаў з'яўляецца вопыт. Тут да месца заўважыць, што царква ў эпоху жыцця Скарыны глядзела на медыкаў з пачуццём непрыязнасці, а народ лічыў іх атэістамі.

Праяўленнем вальнадумства Скарыны было выданне ім, наперакор агульнапрынятай царкоўнай традыцыі, кніг свяшчэннага пісання на даступнай свайму народу мове з мэтай пашырэння асветы. Тут ён прытрымліваўся лепшых традыцый італьянскага Адраджэння (Дантэ, Джота). Скарына не толькі ўжываў родную мову ў кнігадрукаванні, але і звяртаўся да паказу чалавека ў «Бібліі» (дарэчы, ён змясціў у кнізе «Быццё» свой партрэт, і гэта павінна было разглядацца як богазневажанне), напаўняў глыбока чалавечным зместам традыцыйныя рэлігійныя сюжэты. Гэтым самым ён імкнуўся перадаць вывучэнне і тлумачэнне пісання свецкім вучоным і па сутнасці манаполію на адукацыю з рук пануючых класаў, духавенства, набліжаючы кнігу да радавога чытача.

Скарына быў адным з першых дзеячоў беларускай культуры, які выкарыстаў моўны матэрыял народа і ўвёў у літаратуру асноўныя элементы беларускай мовы. Выступаючы ў абарону роднай мовы, ён падкрэсліваў: «Не многим учителем бывати, но более умети язык свой справовати».

Зварот да нацыянальных моў, і тым больш пераклад на народную мову бібліі, у эпоху Скарыны разглядаліся царквой як ерэтычная дзёрзкасць. Адна толькі думка «возводить в книжныя речи от общих народных речей» лічылася «лукавым умышлением людей грубых смыслом», як адзначае рускі кніжнік сярэдзіны ХVІ ст. Зіновій; на яго думку, «приличнее книжными речами исправлять общенародныя речи, а не книжныя народными обезчещивать»[1]. Каталіцкая царква не менш ра-

  1. И. Первольф. Славяне, их взаимоотношения и связи, т. ІІ. Варшава, 1888, стар. 601.