Старонка:Ад кастрычніка 1917 да лютага 1918.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

а зьезд заклікаўся да правіловага вырашэньня нацыянальнага пытаньня. Праўда, прамова т. Сталіна, пакіраваная на адказ Грыбу, і адмячаўшая Ўсебеларускі Зьезд— "зьездам памешчыкаў"—зрабіла цяжкаватае ўражаньне неправіловасьцю фактаў на ўсіх дэлегатаў зьезду беларусаў, пачынаючы ад правых грамадаўцаў да Соцыял-Дэмакратаў бальшавікоў. Але гэта ўражаньне ня мела адмоўных скуткаў на далейшае замацаваньне адносін паміж бальшавікамі і леваграмадаўцамі. Словы т. Сталіна— былі дань часу—бурліваму, кіпучаму часу, калі трэ' было пад пагрозай нямецкага імпэрыялізму абараняць соцыялістыччую радзіму. Пры тым, даючы няпрыемны водзыў аб Усебеларускім Зьезьдзе, т. Сталін адначасова дыхтаваў вогнекрылыя словы "Дэкляра­цыі праваў працоўнага і эксплёатаванага народу", у якой, паміж ін­шым, клалася моцная падваліна да далейшай нацыянальнай політыкі Савецкай улады ў гэткіх словах: „Расійская Рэспубліка Саветаў уста­наўляецца на фундамэнце вольнага хаўрусу вольных нацыяў, як фэ­дэрацыя Саветаў Нацыянальных Рэспублік і далей: „Зьезд настойвае на тым, каб поўнасьцю парваць з політыкаю буржуйнае цывілізацыі, якая будавала дабрабыт абірацеляў сярод нямногіх выбраных нацыяў, каб зрабіць нявольнікамі сотні мільёнаў працаўнікоў—жыхароў Азіі, у калёніях наогул і ў малых краёх".

„Разгон“ Усебеларускага Зьезду меў тыя-ж мотывы і тую прычыну, што і роспуск Устаноўчага Сойму. Гэта было ясна і зразумела для Левай Белар. Соц. Грамады, якая праз сваіх дэлегатаў на Трэцім Усе­расійскім Зьездзе Саветаў, зараз-жа пасьля прамовы т. Сталіна, у будынку зьезду ў сур'ёз абгаворвала пытаньне аб пасылцы свайго прадстаўніка ў Брэст-Літоўск, на мірныя перагаворы. Пасланьнікі Менску ў Брэст-Літоўск вылажылі гэн. Гофману сваю крыўду на бальшавікоў за заняцьце імі Беларусі і за разгон Усебеларускага Зьезду—ужо пры­маліся Пецярбурскаю організацыяй Бел. Соц. Грамады за сваіх не­прыяцеляў. Бальшавікі—то выказчыкі волі беларускага працоўнага наро­ду, які ім даручыў свой край, каб зрабіць яго вольным і незалежным. Гэта мусіла вясьціся на мірную нараду, у адказ на ўпікі Вільгельмаўскага агэнта т. Троцкаму за разгон таго-ж Усебеларускага Зьезду... Некаторыя прычыны не пазволілі гэтаму зьдзейсьніцца— прадстаўнік беларускіх рэволюцыйных соцыялістых ня мог паехаць у Брэст. Але гэта хутка было падмацована сумеснай паяднанай працай між імі і Савецкаю ўладаю.

У назначаны сходам Пецярбурскай Організацыі Бел. Соц. Грамады ад 4 студзеня тэрмін (7 студзеня) адбылася агульная нарада бе­ларускіх організацыяў у Пецярбурзе, наконт заснаваньня Беларускага Нацыянальнага Камісарыяту. Нарада падмацавала патрэбнасьць коордынацыі працы з Савецкаю ўладаю праз адчыненьне Беларускага На­цыянальнага Камісарыяту. Заслухаўшы даклад прадстаўніка Бел. Соц.- Дэмок. Партыі аб кандыдатах на камісара, яго намесьніка і сэкратара, ужо абгавораных Комітэтам Партыі, нарада згадзілася з прапазыцыяй паставіць Комісарам т. Чарвякова, намесьнікам камісара т. Скарынку і сакратаром Камісарыяту—т. Жылуновіча. Назаўтра-ж пастанова нарады была падана ў Народны Камісарыят па нацыянальных справах, які і прыняў будучы склад Беларускага Нацыянальнага Камісарыяту...

Так паступова пасоўвалася левае крыло беларускага нацынальнага рэволюцыйнага руху ў бок злучэньня свае працы з працаю ўлады работнікаў і сялян, завяршаючы гэтым адзін з сваіх гістарычных кругабегаў.