Старонка:Адраджэньне 286-301.pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

давалі страву, ад якой не ўзмацняўся, а занядужваў народны арганізм.

Нясеце-ж для гэтага арганізму здаровую, карысную для яго страву, страву веды ўсяго роднага, блізкага сэрцу і душы.

Вы, перадавыя байцы на аванпостах беларускага нацыянальнага адраджэньня!

Але перадавыя байцы часта надта захапляюцца ў працэсе змаганьня, і гэта надмернае захапленьне часта замест карысьці прыносіць для справы шкоду. Я хацеў бы перасьцерагчы вас ад гэтай крайнасьці. Ёсьць здаровы нацыяналізм і ёсьць шавінізм, які прыводзіць к духоунай абмежнасьці а, значыць, і к духоўнай сьмерці.

Мая шчырая рада вам ісьці ў сваёй працы толькі на шляху здаровага нацыяналізму. Няхай вашым дэвізам будуць залатыя словы вялікага нацыянальнага песьняра Украіны-Т. Шаўчэнкі: «Свайму навучайцесь і чужога ня чурайцесь».

Апроч таго, я хацеў-бы вам напомніць яшчэ аб тым, што і здаровы нацыяналізм тады толькі можа даць добрыя вынікі, калі ён мае моцную сацыяльную базу. Не дарэмна ў сучасных беларускіх пісьменьнікаў нацыянальныя матывы цесна пераплятаюцца з матывамі сацыяльнымі. І запраўды, калі наш селянін будзе жыць у цісках нуды, дык ня можа быць і гутаркі аб нацыянальнай школе, аб нацыянальным адраджэньні. Такім чынам, адраджэньне нацыянальнае побач з адраджэньнем сацыяльным—вось што павінна быць ідэалам вашай працы. І калі вы будзеце імкнуцца да гэтага ідэалу, дык тады ажыцьцёвяцца словы беларускага песьняра Янкі Лучыны:

«Сонца навукі скрозь хмары цёмныя
Прагляне ясна над нашай ніваю.
І будуць жыці дзеткі патомныя
Добраю доляй, доляй шчасьліваю».

Прамова У. М. Ігнатоўскага.

Вітаючы быўшых слухачоў з заканчэньнем курсаў і шчыра жадаючы ім выканаць сьвятыя ідэі, У. М. Ігнатоўскі адзначае, што беларускі нацыянальны рух запэўнен гістарычнымі законамі. Галоўным грунтам гэтага руху зьяўляецца культурная праца масаў, якая дае ўсе правы на гістарычнае істваваньне. Далей прамоўца радзіць будучым лектаром быць асьцярожнымі з вёскай, бо рух часта ідзе туды, куды вёска можа й ня хоча. Ёсьць такія сяляне, якія, па сваёй цемнаце, думаюць, што беларуская культура і беларуская мова—нешта выдуманае, зьяўляецца нейкай модай. Будучыя лектары павінны праканаць такіх сялян, што іх погляд на беларускую культуру, як на нейкую моду, ёсьць вялікая абмылка. Ідэалам сыцыялізму і інтэрнацыяналізму зьяўляецца злучэньне ўсіх народаў сьвету ў адну сям'ю. Але злучацца ўсе народы ў адну сям'ю толькі тады, калі кожны асобны народ добра разаўе свае нацыянальныя адзнакі. Зараз гэта дарога яшчэ надта вузкая, але час ідзе, і яна паступова робіцца шырэйшай.

Далей с. Ігнатоўскі заўважыў, што ўлада Беларусі дала для ўтрыманьня лектарскіх курсаў усё, што было магчыма даць у сучасны момант, у які галоўную сваю ўвагу ўлада павінна была накіраваць на чырвоную армію, з прычыны няспыняючыхся пагроз з боку нашых ворагаў.

У канцы сваёй прамовы Ігнатоўскі выказвае цьвёрдую надзею, што ў будучыне, пры лепшых умовах, рабоча-сялянская ўлада Беларусі зможа даць беларускай вёсцы лектароў з унівэрсытэцкай асьветай.

Прамова лектара курсаў Я. Лёсіка.

Маладыя лектары і настаўнікі!

Ад імя Рады Курсаў віншую вас з заканчэньнем навукі і ад усей душы вітаю вас з пераходам са стану звычайных грамадзян Беларусі ў пачэсны стан настаўнікаў і лектароў.

Што-ж сказаць вам на разьвітаньне? Якімі словамі папрашчацца з вамі?

Многа абяцалася, але ня мала зроблена. Ня гледзячы на самыя цяж-