чаго разумеў, хоць яшчэ ня мог добра гаварыць. Жанчыны-ж разьмясьціліся на некаторай адлегласьці ля жонкі Туя, якая займалася прыгатаваньнем тара. Шмат маладых жанчын, напрыклад, жонка Банэма, старэйшага сына Туя, былі зусім ня брыдкія. Дзяўчаты, замест доўгіх спадніц з махры, насілі фартушкі сьпераду і ззаду, але з бакоў ногі ў іх да самага пояса былі голыя. У дзяўчатак маладзей 12 гадоў замест фартушкоў былі кутасы, задні кутас быў даўжэй за пярэдні і быў падобны да хвосьціка. Жанчыны прынесьлі столькі падарункаў, што двум тубыльцам прышлося занесьці іх да мяне дадому.
Я растлумачыў Тую, што ён павінен ляжаць, не хадзіць па сонцы і ня здымаць перавязкі. Калі я адыходзіў, Туй паказаў мне на вялікі скрутак расьліны «ауся» і цукровага чароту. Здаецца, гэта была заплата за лячэньне. Туй не хацеў узяць ад мяне тутуну за гэта, але я ўсё-ж пакінуў яму тутун, бо не хацеў, каб ён падумаў, што я дапамог яму дзеля заплаты.
Вечарам да мяне прышлі жыхары Гарэнду. Паказваючы на дрэвы, якія стаялі ля хаты і маглі паваліцца, яны казалі, што дах маёй хаты кепскі, што ён цячэ і прапанавалі, каб я перасяліўся да іх у Гарэнду, дзе людзі хутка пабудуюць мне дом.
Я заходзіў на другі дзень у Гарэнду, хацеў перавязаць рану Туя, але ва ўсёй вёсцы не знайшоў нікога. Усе жыхары былі на працы ў лесе. Туй таксама пашоў, бо адчуваў сябе крыху лепш. Але на наступны