яны трымаюць звычайна распаленыя вугалі ў напалову разьбітым гаршчку. Тубыльцы, якія астаюцца ў вёсцы, ніколі не забываюць падтрымліваць агонь. Нават ноччу яны распальваюць вялікі агонь у халупах пад ложкамі. Пры адсутнасьці вопраткі гэта крыху абараняе іх ад холаду. Цеплата разам з дымам праходзіць праз шчыліны бамбусавага ложку і сагравае, нават прыпякае, адну палову цела, другая-ж палова мерзьне. Ноччу ім трэба ўставаць некалькі разоў, каб паглядзець, ці гарыць агонь. Горныя жыхары ўмеюць здабываць агонь. Яны бяруць сухое палена, якое яны называюць «ілоль», і расколваюць яго каменнымі сякерамі так, каб дзьве паловы яго ня зусім рашчапіліся. Ва ўтвораную шчыліну яны ўцягаюць моцны шнурок з ліяны і, прытрымліваючы на зямлі гэтае палена нагою, хутка шморгаюць шнурком, пакуль загарацца падкладзеныя зьнізу сухія валокны з лушпайкі какосавага арэха. Але нельга сказаць, каб гэты спосаб здабываньня агню быў зручны. Я бачыў, як прайшло цэлых паўгадзіны, пакуль папуасам удалося зрабіць такім спосабам агонь. Таму тубыльцы, нават у гарах, па магчымасьці падтрымліваюць агонь на вогнішчы. Жыхары ўзьбярэжных вёсак казалі мне ня раз, што ім трэба хадзіць у іншыя вёскі па агонь, калі выпадкова ў іх згасае ён ва ўсіх халупах.
Калі я прышоў у Бонгу, дык мяне па чарзе вадзілі па ўсіх буамрамра. У кожным з іх мяне чакала шмат папуасаў, якім я даваў тутун, цьвікі для мужчын і