галаву, што ён можа памерці ад гэтага невядомага «онім». Ён моцна ўсхваляваўся, потым кінуўся да свайго суседа і пачаў старанна цёрці яму сьпіну. Ён, нібы звар’яцелы, стаў перабягаць ад аднаго да другога і стараўся мазнуць іх маслам. Відаць, ён думаў пры гэтым, што калі з ім здарыцца што-небудзь кепскае, дык тое-ж самае павінна здарыцца і з іншымі. Яго сябры былі зьдзіўлены гэтым учынкам і ня ведалі, што рабіць — злавацца ці сьмяяцца?
Сёньня тубыльцы запыталі ў мяне, дзе Бой? Я адказаў ім: «Бой орэн» (Боя няма). «Дзе-ж ён?» — запыталі яны зноў. Я не хацеў казаць няпраўды, не хацеў паказаць iм нi на зямлю ні на мора, а проста матнуў рукою і адышоў. Яны, мабыць, зразумелі, што я паказаў на небасхіл, дзе далёка-далёка ёсьць Расія і сталі між сабою разважаць. Здаецца, яны прышлі да вынікаў, што Бой «паляцеў» у Расію. Прыходзілі таксама тубыльцы з Бонгу і распытвалі пра Боя. Відаць, яны сур’ёзна падумалі, што Бой быў, адасланы мною ў Расію і што я дапамог яму пераляцець туды. Мне думаецца, што тубыльцы лічаць мяне, і крыху Ульсона, за нейкіх надзвычайных істот.