рыбка была злоўлена. Туй лавіў іх нагою. Прыдушыць рыбу нагою, схопіць яе вялікім і другім пальцамі нагі, потым узьнімае наверх і кладзе ў мяшок. Затым ён хутка нагнуўся, схапіў камень і моцна кінуў яго ў ваду. Падышоўшы да таго месца, дзе ўпаў камень, ён на аднэй назе стаў, а другою нагою падняў забітую каменем рыбку. Усё гэта было прароблена ім ня толькі з вялікім спрытам, але нават вельмі стройна. Тымчасам, Туй далёка ўжо не малады чалавек. Я думаю, што яму гадоў 45, а можа і болей.
Убачыўшы мяне, ён зараз-жа пайшоў у мой бок. Я кінуў на зямлю кавалак паперы і паказаў кіўком, каб ён падняў яе нагою. Мне хацелася даведацца, ці можа ён так шчыльна прыціснуць вялікі палец да другога, каб утрымаць ліст паперы. Ён гэта ў момант зрабіў, за сьпіной перадаў нагою паперу ў сваю руку і падаў мне. Ён прарабіў тое-ж самае і з вялікім каменем, які падняў з зямлі, ня спыняючыся ні на момант.
Я кожны дзень бачу новых матылькоў, але-ж чамусьці ня ўмею лавіць іх. Вольнага месца ля майго дому мала: з двух бакоў мора, а з другіх бакоў — лес.
Я не адчуваю сябе здаровым. Галава ў мяне цяжкая, сьпіна баліць і ногі аслаблі. Бою стала значна лепш, бо я прарэзаў яму вялікі нарыў, што трэба было зрабіць неадкладна. Я зрабіў гэтую опэрацыю сілком, загадаўшы Ульсону трымаць Боя. У момант усё было скончана. А ноччу я зноў чую стогны. У Ульсона зрабіўся прыпадак трасцы. Раніцою ён хадзіў хістаючыся, з шклянымі вачыма і з асунутым тварам. Але мяне