выспы Білі-Білі. З імі прышло некалькі маіх суседзяў тубыльцаў, якія хацелі паказаць сваім гасьцям усялякія дзівосныя рэчы, што былі ля халупы белага чалавека. Людзі з Білі-Білі з вялікаю цікавасьцю і зьдзіўленьнем разглядалі ўсё: рондаль і імбрычак на кухні, маё складанае крэсла і столік на пляцоўцы, мае чаравікі і паласатыя шкарпэткі, якія выклікалі ў іх вялікае захапленьне. Яны ўвесь час разяўлялі рот, прыгаворваючы зацяжна «а-а-а», «э-э-э», цмокалі губамі, а часамі ўкладалі палец у рот. Цьвікі ім таксама спадабаліся. Я даў ім, апрача цьвікоў, некалькі пацерак і па кавалку чырвонае тканіны. Гэты мой учынак быў прыкры для Ульсона, які быў нездаволены, што я раздаю рэчы дарэмна, бо госьці прышлі бяз жадных падарункаў.
У тубыльцаў з Білі-Білі частка валасоў была старанна афарбавана чырвонай вохрай. Лоб і нос былі размаляваны тэй-жа фарбай, а ў некаторых былі размаляваны нават і сьпіны. У многіх на шыі да самых грудзей вісела маніста з двух іклаў папуаскае сьвіньні, зьвязаных такім чынам, што на грудзях яны складалі ляжачую цыфру 3. Гэтую аздобу жыхары Гарэнду называюць «буль-ра» і вельмі яе цэняць. Я прапанаваў ім за буль-ра нож, але яны не згадзіліся на такі абмен, хоць ножык вельмі спакушаў іх. Усё-ж маімі падарункамі яны былі вельмі здаволены і пайшлі ў найлепшым настроі.
Аднак, праз паўгадзіны я зноў убачыў іх і гэта мяне моцна зьдзівіла. Яны вярнуліся з какосамі і бана-