ганула думка, што, быць можа, гэта толькі пачатак, а канец яшчэ наперадзе. Але калі ўжо суджана мне быць забітым, то ці ня ўсё роўна, ці будзе гэта стоячы, седзячы, лежачы на маце ці ў сьне! Потым мне прышло ў галаву, што было-б толькі невялікім здавальненьнем, калі-б за гэта страцілі жыцьцё некалькі тубыльцаў. І я быў здаволены, што ня ўзяў з сабою револьвера…
Засынаючы, я прыслухоўваўся да галасоў птушак. Толькі праразьлівы крык лётаючых лары[1] некалькі разоў прымушаў мяне прачнуцца. Трэск цыкад[2] зусім не перашкаджаў мне і нават баюкаў. Мабыць я хутка заснуў, бо ўстаў вельмі рана і гадзіны дзьве ішоў ў бок сонца. З няпрывычкі я адчуваў вялікую зморанасьць і асабліва стомленыя былі ў мяне вочы ад яскравага дзеннага сьвету.
Я прачнуўся, праспаўшы больш за дзьве гадзіны. Расчыніўшы вочы, я ўбачыў некалькі тубыльцаў, якія сядзелі вакол маты ў двух кроках ад мяне. Яны жавалі бэтэль і гутарылі ў паўголаса. Яны былі бяз зброі і глядзелі на мяне ўжо ня так панура. Я вельмі пашкадаваў, што яшчэ ня ўмею гутарыць з імі. Я наважыў ісьці дамоў і таму пачаў прыводзіць у парадак свой гарнітур. Гэта зацікавіла тубыльцаў. Урэшце я ўстаў, кіўнуў галавою ў розныя бакі і пашоў дахаты.