Бонгу, Гарэнду, Гумбу і г. д. і паказваць, што сячэ палі. На ўсё гэта я толькі махнуў рукою і падараваў яму цьвік. Вярнуўшыся на корвэт я расказаў пра гэта ў кают-кампаніі. Тады адзін з афіцэраў, загадчык артылерыі на корвэце, прапанаваў схаваць вакол маёй халупы некалькі мін. Я не адмовіўся ад такога спосабу абароны, які мог-бы ўжыць у выпадку крайняе патрэбы, калі-б тубыльцы сапраўды надумаліся зьявіцца з тымі варожымі намерамі, якія так стараўся растлумачыць мне Туй.
Я прыехаў у Новую Гвінэю не на кароткі час, а меў на ўвазе пражыць там некалькі год. Таму мне трэ’ было падумаць пра тое, як тут на месцы даставаць харчы. Я ведаў, што ў папуасаў плянтацыі нядрэнныя, сьвіней яны таксама маюць, але, галоўным чынам, паляўніцтва заўсёды магло пракарміць іх. Кансэрвы мне ўжо вельмі прыеліся і я зусім не паклапаціўся назапасіць харчоў у апошнім порце. Я ўзяў там сёе-тое, але так мала, што капітан зьдзівіўся і прапанаваў мне шмат чаго з сваіх харчоў. Я згадзіўся з удзячнасьцю, бо гэтыя харчы маглі-б мне быць вельмі патрэбны на выпадак хваробы. Капітан даў мне, апрача таго, самую маленькую шлюпку корвэта, з якою, у крайнім выпадку, мог справіцца і адзін чалавек. Я быў вельмі здаволены гэтым, бо мець шлюпку было для мяне вельмі зручна. Пры яе дапамозе я мог азнаёміцца з другімі ўзьбярэжнымі вёскамі, а на выпадак поўнай няўдачы ўвайсьці ў ласку ў тубыльцаў, я мог на гэтай шлюпцы пераехаць у другую якую мясцовасьць.