неабходным: я павінен быў вярнуцца сюды яшчэ, бо з прычыны майго знаёмства з тутэйшай мовай i заслужанага мною ў тубыльцаў даверра, мне цяпер будзе значна лягчэй рабіць мае далейшыя назіраньні.
На наступны дзень я абвясьціў камандзіру маё рашэньне ехаць, але папрасіў даць мне яшчэ два дні на зборы, на складаньне рэчаў і на разьвітаньне з тубыльцамі. Увечары прышло да мяне з паходнямі шмат людзей з Бонгу, Гарэмбы і Гумбу. Між імі былі таксама жыхары Малэ і Колікум-Мана. Прышлі ўсе тыя, хто часьцей бываў у мяне. Яны шкадавалі, што я паеду, i парашылі прасіць мяне астацца з імі, ня ехаць. Яны сказалі мне, што ў кожнай вёсцы для мяне будзе пабудавана халупа i ў кожнай вёсцы я магу выбраць сабе з дзяўчат па аднэй жонцы, або нават па дзьве, каб яны працавалі на маю халупу і на мяне.
Я адхіліў гэту прапанову, але абяцаў ім, што з часам вярнуўся і зноў буду жыць з імі.
Людзі Гумбу сталі ўпрашаць мяне пайсьці да іх у вёску, дзе, апрача мясцовых жыхароў, сабраліся жыхары іншых вёсак. Яны сказалі, што ўсе хочуць мяне бачыць. Каб не адмовіць ім, быць можа ў астатні раз, я пашоў, абкружаны вялікім натоўпам тубыльцаў з паходнямі ў руках.
Усе прасілі мяне астацца. Спаць прышлося мне мала ў гэту ноч. Калі пад раніцу я хацеў падняцца, дык адчуў вялікі боль у нагах. Апошнія