Калі страва гатова, ставяць гаршчок круглым дном на саламяны кружок. Гаспадар разьмяркоўвае яду ў табіры, якія стаяць навакол. Лепшыя кавалкі зьядаюць госьці і ён, горшыя — дзеці і жонкі. Нават калі сьцямнее, агню не павялічваюць, а сядзяць у цемры і павольна ядуць. Жанчыны ідуць у свае халупы, часамі чуцен крык дзяцей і ціхая гутарка мужчын, якія жуюць бэтэль і кураць цыгары. Але гэтыя гукі хутка змаўкаюць. Мужчыны раскладваюць у халупах невялікія агні пад сваімі барламі і засынаюць. Аднак, ім трэба часта ўставаць, бо агонь пад імі часта згасае і холад будзіць іх.
Так праходзяць дні за днямі ў жыхароў берагу Маклая. Зьмены ўносяць толькі войны, наведваньні ў суседнія вёскі і сьвяты, якія наладжваюцца або ва ўласных вёсках, або ў суседзяў.
Тубыльцы размалёўваюць сабе твар чырвонай і чорнай фарбай. Чырвоную ўжываюць маладыя, чорную старэйшыя людзі. Маладыя людзі (маласьсі) ад 15 да 20 гадоў прыдумваюць розныя малюнкі і мешаніну фарбаў, якімі яны намазваюць твар і сьпіну. У звычайныя дні яны ходзяць не размалёваныя або толькі абводзяць вакол вачэй кружкі, або праводзяць уздоўж носу рысу, якая злучаецца з другой рысай, што праведзена ад аднае скроні да другое на месцы зголеных броваў, пры аснове лобу. Але ў час сьвята увесь твар намазваецца чырвонай фарбай і па ім праводзіцца яшчэ некалькі белых і чорных рысачак. Часьцей за ўсё праводзіцца рыса ў нізе лобу