жынёю ў два мэтры, а шырынёю ў чатыры або пяць. Сьцены яе робяцца з расколатага бамбусу, а страха з сплеценага лісьця сагавай пальмы. Мачта дзяліла халупу на дзьве часткі. У кожнай частцы было па два доўгіх сядзеньні, на якіх можна ляжаць дваім. На падлозе таксама маглі ляжаць двое. Верхняя палова халупы мела разборныя сьцены, нават страха магла быць разабрана зусім лёгка. Наогул, усё ў пірозе было прыладжана добра і нідзе ня было дарэмнай траты месца. Ля самае мачты, на вышыні сядзеньня, была ўмацавана роўная скрыня, якая была напоўнена зямлёю, дзе можна было раскласьці агонь. Мне спадабалася такое памяшканьне. У ім было сьвятлей і чысьцей, як у звычайнай халупе. У мяне зьявілася думка скарыстаць падобную вялікую пірогу для аб’езду вёсак усьцяж берагу.
Каін, гаспадар пірогі і мой добры прыяцель, хутка прынёс мне вялікі, яшчэ гарачы, табір з саго і наскрэбеным какосавым арэхам.
Вярнуўшыся на другі дзень раніцою на свой бераг, я з трывогаю падышоў да свае халупы, якую ў першы раз пакінуў на такі доўгі час бяз жаднага дагляду. Усё, аднак, было цэлае. Не пасьпеў я разблытаць вяроўкі ля дзьвярэй, як адзін за другім прышлі чалавек 20 тубыльцаў і запыталіся, дзе я быў? Яны думалі, што я паехаў у Расію. Пасьля абеду мы разлажылі падарункі, якія я прывёз з Білі-Білі. Там было блізка 50 какосаў, 4 галіны добрых бананаў і фунтаў 20 саго. Тутун і цьвікі, што я раздаў, акупіліся.