мне трэба самому варыць, як рабілі гэта ўсе госьці, ён узяўся зварыць за мяне. Ён сарваў з суседняга дрэва два вялікія лісты і палажыў іх крыж на крыж на дно гаршчка. Потым ён выняў з вялікага каша некалькі кавалкаў ачышчанага аяну, палажыў іх уніз, а зьверху палажыў кавалкі сьвініны. Яго заступілі два другія тубыльцы, якія напаўнялі па чарзе ўсе гаршчкі аянам. Калі ўсе гаршчкі былі такім чынам напоўнены, жыхары Гарэнду, якія выконвалі, як гаспадары, ролю слугаў, узялі вялікія бамбусы з морскаю і прэснаю вадою і сталі разьліваць ваду ў кожны гаршчок. Морскае вады яны лілі прыблізна адну траціну і далівалі дзьве траціны прэснае. Кожны гаршчок быў накрыты лістам хлебнага дрэва. Потым адзін малады чалавек з Бонгу стаў распальваць агонь пар гаршчкамі. Усё рабілася па ўстаноўленаму правілу і ў поўным парадку. Тое-ж самае адбывалася і пры запальваньні вялікага агню, на якім павінна была варыцца страва. Вогнішча было ня меней за 18 мэтраў у даўжыню і адзін мэтр у вышыню. Паліва было так добра разьмешчана пад бярвеньнямі, на якіх стаялі гаршчкі, што яно хутка загарэлася.
Я пашоў паглядзець, што робіцца ў іншых групах. У аднэй групе некалькі тубыльцаў старанна скраблі какосавы арэх для буаму. Ля другое групы ляжалі розныя музычныя інструманты, якія ўсе аднакава называліся тубыльцамі «ай». Галоўны інструмант складаўся з бамбусу даўжынёю ў 2 мэтры ці болей. Бамбус добра ачышчаны і перагародкі ў асяродку яго