лушпайкі крыху жаўтавата-белай масы, пры гэтым мяне запэўнялі, што гэта страва вельмі смачная. Гэта быў «буам» — саго з сагавае пальмы з наскрэбеным какосавым арэхам. Гэтая папуаская страва сапраўды была смачная. За абрус было паслана бананавае лісьце, талеркі і кубкі замяняліся лушпайкамі какосавых арэхаў, відэльцамі былі абточаныя бамбусавыя кіёчкі і загостраныя косткі, а лыжкамі былі яруры. Цікава было бачыць такую рознастайнасьць прыладаў, якія ўжываліся тут пры ядзе.
Ужо зусім разьвіднела. Разглядаючы прысутных, я ўсюды сустракаў знаёмых людзей з суседніх вёсак. Калі я ўзьняўся, каб пайсьці, мне далі цэлы скрутак варанага аяну і сталі запрашаць прыйсьці абедаць. Адыходзячы, мне прышлося адхіліцца ў бок, каб даць прайсьці працэсіі, якая несла запасы для працягу сьвята. Туй з Банэмам прынесьлі на кіі вялікі скрутак буаму, які быў старанна загорнуты ў лісьце. За імі некалькі тубыльцаў несьлі какосы, іншыя, падвое, прынесьлі на кіі праз плечы вялікі кош аяну, потым другі і трэці. Шэсьць тубыльцаў, таксама на кіёх праз плечы, несьлі тры сьвіньні. Гэтая працэсія ішла з нейкай урачыстасьцю. Запасы раскладаліся ў парадку на вызначаных месцах пляцоўкі. Госьці іншых вёсак аглядалі, лічылі прынесенае і рабілі свае заўвагі. Усё гэта будзе зьедзена ў абед, якім канчалася частаваньне, што пачалося напярэдадні вечарам.
Тубыльцы ня ведалі добра, ці прыду я на абед, а таму некалькі чалавек прышлі да мяне, каб зноў