сьцежку, якая вяла між дрэвамі да мора, і дадаў: «выпі кеу і паеш аяну і буам».
Я пашоў сьцежкаю да пляцоўкі, якая была абкружана векавымі дрэвамі. На ёй разьмясьцілася чалавек 50 тубыльцаў. Пачынала сьвітаць, але ў лесе была густая цемра. На першым пляне, зблізку ад агнёў, на матах і на голай зямлі стаялі, сядзелі і ляжалі тубыльцы ў самых рознастайных позах. Некаторыя, закінуўшы галаву назад, дапівалі астатнія кроплі кеу з невялікіх келіхаў. Іншыя сядзелі і ляжалі з нярухомымі мутнымі вачыма і глыталі зялёнае ап’яняючае пітво. Былі і такія, што ўжо спалі ва ўсялякіх позах. Некаторыя яшчэ пільнавалі гаршчкоў, у якіх варылася страва. Самыя лепшыя аматары папуаскае музыкі зацяжна гралі, нібы вылі, узьняўшы высока над галавою, ці прыхіліўшы да дрэваў свае бамбусавыя трубы больш як у два мэтры даўжынёю. Іншыя дзьмулі ў даўгаваты, прасьвідраваны зьверху і з боку, какосавы арэх, з якога выляталі гукі з праразьлівым сьвістам. Навакол да ствалоў дрэваў былі прыстаўлены дзіды, а лукі і стрэлы тырчэлі з-за кустоў. Малюнак быў надзвычайна цікавы. Гэта сапраўднае жыцьцё дзікуноў ва ўсёй яго першабытнасьці — адзін з тых малюнкаў, якія ўзнагароджваюць падарожніка за цяжкую працу і ўсе страты.
Хутка сабралася шмат жыхароў Бонгу, Гарэнду і Гумбу. Яны накінуліся на стравы, што былі прынесены на вялікіх табірах. З аднаго табіра мне палажылі ў толькі што адшчэпленую палову какосавае