Перайсці да зместу

Старонка:Адзін сярод дзікуноў (1929).djvu/108

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

здалося мне звараным вельмі добра. Мне далі стравы столькі, што я ня мог зьесьці і чвэрці яе, але, ня гледзячы на мае пярэчаньні, усё, што асталося, было старанна загорнута ў бананавае лісьцё, каб я мог узяць гэта і зьесьці пасьля.

На другі дзень я яшчэ адчуваў зморанасьць ад пагулянкі, якую я зрабіў напярэдадні. Таму па дарозе ў Гумбу я прысеў адпачыць на беразе і палюбавацца на мора. Маё раздум’е было перарвана тубыльцам, які моцна бег па беразе. Ён трымаў у левай руцэ над галавою лук і стрэлы, а на плячы ў яго вісела каменная сякера. Часам ён рабіў нейкія знакі правай рукою. Тубыльцы, якія вышлі да мяне на спатканьне, убачыўшы бягуна, жвава загаварылі паміж сабою і яшчэ больш ажывіліся, — за першым бягуном зьявілася яшчэ некалькі іншых. Усе беглі скора, роўна і, як відаць, з нейкай важнай весткай. Я сядзеў на сваім месцы. Першы тубылец, ня спыняючыся, прабег проста ў вёску. Ён усё-ж пасьпеў выразнымі мігамі перадаць нам сваю навіну. Прабягаючы, ён стукнуў сябе ў грудзі праваю рукою, закінуў на бок галаву і высунуў язык, што азначае ў папуасаў сьмерць, забойства, або што-небудзь падобнае. Пры гэтым ён крыкнуў: «Марагум Гарэнду». Усе іншыя тубыльцы прабеглі таксама ў вёску, а за імі пашоў і я. Яшчэ не даходзячы да першых халуп, мы пачулі паскораныя ўдары баруму. З халуп было вынесена шмат усялякае зброі. Не разумеючы ў чым справа, я амаль сілком спыніў аднаго тубыльца і даведаўся ў яго пра навіну.