Старонка:Адвечная песьня.pdf/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
І.
Хрэсьбіны.
Вясковая убогая хата. Ноч. Усе сьпяць. У васінавых начоўках аберчанае зрэбнымі пялёнкамі ляжыць дзіцянё. Над им зьяўляюцца цені і пяюць.

Жыцьцё.

Ўсесільнай рукою твареньня
Даю яму права істненьня,
На ўласнасць ваду і зямлю,
Душу яму такжэ даю.

Пад ўладай сваей будзе меці
Як ёсць усё чыста на сьвеці;
Ён будзе ўсіх чыста дужэй,
Ён будзе ўсіх чыста мудрэй.

І рэкі, і долы, і горы
Яго будуць слухаць с пакорай;
Там высушэ, там правядзе,
Там зрые, а там узьнясе.

Лясы ён аберне на поле,
Ўселякіе ўстроиць будоўлі:
Сьвятыні пад неба зірнуць,
Цямніцы пабелай бліснуць.

Такъ будзе ён царам прыроды,
Сам найдасканальшага роду,
І будзе цар гэты павек
Названьне насіць — чэлавек.