Туды ў краи далёкіе, Як дні мінуць кароткіе Сасоначкі высокіе Плывуць ракой—паводкаю.
Гасьцінцамі, дарогамі У горад шуркі цягнуцца, Не за маймі парогамі Скарб пасечны хаваецца.
Зіма.
Табе жыцьцё, знаць, сьцеліцца, Як бы сама нуда тая; Пашлю ў дабаў мяцелицу, Нехай з бядой разсватае.
|}
Адходзіць. Пачынаецца мяцеліца. Цямнее. Хвойка падсечэная с трэскам і грукам валіцца і забівае мужыка. Стада згаладалых ваўкоў прыбліжаецца к нябошчыку. Лес стогне.
XI.
Хаутуры.
Хата. Напроць дзьвераў у белай дамавіне ляжыць Мужык. Сталяр раскідае палок, бярэ доскі з яго і робе века к дамавіне. За сталом суседзі пяюць па нябошчыку. Жонка галосе і прыгаварывае. Дзеці хліпочуць. Стары бацька, крэкчучы, злазе с печы. Мяцеліца шуміць. У коміне жаласліва вые вецер.
Жонка.
А мой ты сакалочэк! А мой ты каралёчэк! Ляжыш не ўстанеш болей… О доля-ж мая, доля!