Старонка:Адвечная песьня.pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана
X.
Зіма.
Лес. У нізу на дзерэвах вісіць кругом шэрэнь. Мужык у палатаным кажуху, у лямцовай шапцэ стаиць па калені ў сьнягу і сячэ таўстую хвойку. Здаля прыбліжаецца Зіма. У яе: у ваднэй руцэ кавадла і молат, у другой жмут жалезных путаў. Як ідзе, молат ударае аб кавадла, а ланцугі бразґаюць.

Зіма.

Як жыў, як дуж, як маешся?
Ці жыці не дакучыла?
Усюдах я шатаюся,
І да цябе во лучыла.

Кандалікамі звонючы,
Іду к табе—ўсесільная,
На долю тваю помнючы,
Іду к табе—магільная.

Над цэлай, над старонкаю
Я паняй разгасьцілася;
Мой сьнег ляжыць пялёнкаю,
Ў мой лёд рэка пакрылася.

Гуляю я з марозамі,
Гуляю я са стужамі,
Сьмяюся я над сьлёзамі,
І ўсіх, і ўсё, я дужаю.

Кінь выгляд акалелага,
Прысядзь во на калодаццэ!
Крапчэй ты сьвета цэлага,
Ну што? каб нам паходацца?