Ох, каб так шнурок
Свой счырыкалі!
Ўжо за пашу ў двор
Адбыць клікалі.
Мужык і жонка (разам).
І жыцьцё-ж, жыцьцё
Безпрасьветнае!
Ці ня лепей ты
Апраметная!
Мужык садзіцца клепаць касу, а жонка йдзе к казлом і корме грудзёй дзіцянё.
VIII.
Восень.
Досьвітак. Ток. Бледна курыцца на сьцяне газоўка. Мужык малоце. Цэп гудзіць. Яму глуха заводзючы падцінае вецер. Дзьверы атчыняюцца, уходзе Восень. У ваднэй руцэ трымае пук уселякіх павялых зёлак, у другой пусты мех.
Восень.
Я усюдах хадзіла,
Я усюдах была,
Як дзе што урадзіла,
Я рахунак вела.
І к табе во зайшлася
Паглядзець, запытаць,
Як ты жыў, як спраўляўся,
Што відаць, што чуваць?
Весна, Лета блудзілі
Па ўсей чыста зямлі;
Ці-ж па роўна дзялілі,
Роўна ўроду няслі?