Старонка:Адвечная песьня.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка не была вычытаная


        Кожын свой палетак
        Хай арэ і сее!

            Ці дошч залівае,
            Ці вецер бушуе,
            Птушка ані дбае,
            Гнёзды ўе, будуе.

        Не пытаў араты
        Свайго шчасьця, долі,
        Што дадуць зерняты,
        Кінутые ў полі.

            Гэтак с песьняй, гэтак,
            З верай і надзеяй
            Кожын свой палетак
            Абарэ, засее!

Араты (як бы сам да сябе).

        Тупы штось нарогі,
        Конь ісьці ня хочэ,
        Млеюць рукі, ногі,
        Пыл засыпаў вочы.

            Ліха чуць старое —
            Ломе косьці, грудзі,
            Жонка, як на тое,
            С полуднем марудзе.

        Гэй, спачыньма, косю!
        Люльку закуру я,
        Можэ праца посьле
        Лепш памашыруе.

Падарожны (мінаючы аратага кланяецца).

        Памажы вам, Божэ,
        Спрацаваны браце!
        Выараў прыгожа, —
        Толькі засеваці.