Старонка:Адвечная песьня.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка была вычытаная


        Я паплачу, знамо, бачу
        Чужу хату і людзей.

            Чужа хатка, бацька, матка,
            Сама тутка першы разъ;
            Ныюць грудзі, што-то будзе?
            Што чакае ў жыцьцю нас?

Хор.

        Рэдкі сьмехі і пацехі,
        Часты сьлёзы і беда!
        Ё часіна, ё скрыпіна, —
        Весяліся, грамада!

Сват вылазе з-за стала і сыпе лявоніху са свацьцяй; за им малады з маладой і ўся дружына.



IV.
Весна.

Раніца. Вясковая хата; выгляд непрытульны і убогі. Праз маленькае ваконцэ прабіваецца бледнаваты блеск. Цемнавата. Мужык сядзіць на палу зьвесіўшы ногі, курыць люльку і глыбока нешта думае. Уходзе Весна: на галаве ў яе с курасьлепу і пралесак вянок, у руках разарваны ланцуг.

Весна (з рызыкай тоненькім голасам).

        Ну, як дуж, мужычок?
        К табе ў госьці іду.
        На бок жыва, на бок!
        І бяду, і нуду!

            Пратры вочы са сну,
            Марш к другому жыцьцю!
            Строй саху, барану
            І севалку сваю!