Старонка:Агні (1930).pdf/38

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ПРАВАДЫРУ

Нам часам за лічбамі сьвету няма
І нікнуць у шуме полемік
Трывожныя дзеі і тая зіма
І імя грымотнае: „ЛЕНІН“.

… Сьцягамі засланы былі паплавы,
Мароз пачынаў кананады…
Трывожна гудзелі сырэны Масквы,
Дрыжэлі агні Ленінграду.

І скаргі насілі завеі ў прастор
Праз межы, праз сьцены, праз краты.
І сьлёзы абцёр
Бірмінгэмскі шахцёр
І ты, беларускі араты.

Усе мы ў змаганьні жывем і гарым,
Але ня схіляемся ніцма,
І я, нібы даўні юнак-пілігрым,
Прыходзіў табе пакланіцца…

Салоныя пырскі халодных завей,
Жалоба маскоўскіх трансьляцый…
Крываваю плямай глядзіць маўзалей
На бруку Чырвонага пляцу.

Пад гул аўтобусаў
Я моўчкі стаяў
І думаў пра шлях твой пачэсны…
Табе я, каханы, тады абяцаў
Сьпяяць беларускую песьню.