Старонка:Агні (1930).pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

МАРАКУ

У цябе ў вачох і твары
Бачу простае, сваё…
Раскажы ты мне, таварыш,
Пра матроскае жыцьцё.
Абгарэлай папяроскай
Стан асыпала зара…
Дробных літараў матроскі
Не магу я разабраць…
Раскажы, адкуль ты, браце,
І з якіх такіх марэй?..
У Адэсе ці Кранштадзе
Стаў апошні раз на рэйд?
Дальняўсходніх водаў мёртвых
Акіянскае дзіця,
Ці ваяку—чарнаморца
Маю гонар бачыць я?
Ці даўно, баец адданы,
Кінуў родныя палі?
Хто чырвоным капітанам
Стаў на вашым караблі?
Ці кіруюць шэфы вамі,
Ці ня чуць цяпер пра іх?
Ці даўно вы заплывалі
Ў буржуазныя краі?
І… калі ня будзеш зморан,
Раскажы ты мне пасьля
Ці прыгожа тое мора
Так, як нашая зямля?..